ЧАСО́ВЫЯ ЎПРАЎЛЕ́ННІ ў Заходняй Беларусі,

паўнамоцныя органы ўлады, створаныя ў вер. 1939 на вызваленых Чырв. Арміяй землях Зах. Беларусі, таксама ў зах. пав. Беластоцкага ваяв., Астралэнцкім і Востраў-Мазавецкім пав. Варшаўскага ваяв. Выконвалі функцыі часовай адміністрацыі на працягу вер. 1939—1-й пал. 1940. Ствараліся паводле пастановы ваен. савета Бел. фронту ад 16.9.1939 і загаду камандуючага фронтам М.​П.​Кавалёва ад 19.9.1939. Як правіла, у іх уваходзілі па аднаму прадстаўніку ад Чырв. Арміі (палітработнік), Наркамата ўнутр. спраў, а таксама прадстаўнікі рабочых, інтэлігенцыі, сял. к-таў, партыз. атрадаў; зрэдку ўключаліся і б. члены КПЗБ. З 2.10.1939 важнай паліт. задачай Ч.у. стала арганізацыя мерапрыемстваў у сувязі з выбарамі ў Народны сход Заходняй Беларусі. Многія з прадстаўнікоў Ч.у. былі выбраны яго дэпутатамі і галасавалі за ўстанаўленне сав. улады і ўваходжанне Зах. Беларусі ў склад БССР. Ч.ў. сваімі практычнымі дзеяннямі (нацыяналізацыя прам-сці, банкаў і гандл. прадпрыемстваў, стварэнне калгасна-саўгаснай сістэмы) стварылі падмурак для пераводу эканомікі краю на сацыяліст. лад.

У.​Ф.​Ладысеў.

т. 17, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)